BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

"Меч Святога Міхаіла" і прычым тут лікёр - распавядае гісторык

Да дня Святога Арханела Міхаіла даведаемся аб тым, кім ён з'яўляецца, і чым яго постаць так важная ў традыцыях і сучаснасці

29 верасня ў Каталіцкай царкве адзначаецца дзень Святога Арханела Міхаіла. Пра гісторыю свята і звязаныя з ім традыцыі распавядае беларускі гісторык, публіцыст, культуролаг Алесь Белы.

Святога Міхала Арханёла называюць «князем войска нябеснага». Паводле габрэйскай традыцыі, Мікаэль - адзін з чатырох галоўных анёлаў (разам з Габрыэлем, Урыэлем і Рафаэлем), якія стаяць перад пасадам Панскім і ахоўваюць чатыры бакі свету. (Гэтую традыцыю пераняло не толькі хрысціянства, але нават і іслам), Пад час бунту анёлаў на чале з Люцыферам ён застаўся верным Богу і ўзначаліў анёлаў, якія нанеслі паражэнне бунтаўнікам і аднавілі Боскі парадак на небе. Жывучыя на Зямлі таксама звяртаюцца ў сваіх малітвах да арханёла. «Мі ка эль» (на іўрыце מיכאל) літаральна азначае «Хто як Бог?» у значэнні «ніхто не роўны Богу» - рытарычнае пытанне, якое Міхал паставіў рубам перад анёламі, якія вагаліся, каго падтрымаць. 

 У кантэксце Старога Запавету Міхал - старэйшы пасланнік Усявышняга і абаронца народа Ізраіля. У хрысціянстве на месцы Ізраіля разумеецца ўся супольнасць верных. У яўным выглядзе ў Старым Запавеце імя Міхала згадваецца толькі ў кнізе прарока Даніэля, але хрысціянская традыцыя мае яго на ўвазе і ў вобразе анёла, які ўстае на шляху Балаама, калі той збіраецца праклясці Ізраіль (Лік. 22:22), і ён жа з'яўляецца Ісусу Навіну як Правадыр войскаў Панскіх (Нав. 5:12-15). Роля Міхаіла ў бітве Дабра і Зла атрымала далейшае развіццё ў сярэднявечнай хрысціянскай эсхаталогіі.

Рэлігійная традыцыя стала прыпісваць Міхаілу не толькі перамогу над шатанам, але і ролю суддзі на Страшным судзе, на які ён закліча душы трубным голасам. Таму яго сталі выяўляць не толькі з мячом або ашчэпам, але і з шалямі, на якіх ён узважвае добрыя і благія ўчынкі кожнага чалавека. Сярод эпітэтаў Арханёла - Князь анёлаў, Анёл Справядлівасці, Стражнік Раю, Абаронца Касцёла Хрыстовага, Князь душаў, Давераны Божы. 

Свята ў гонар св. Міхала Арханёла ў каталіцкім календары было ўсталяванае ў сярэдзіне V ст. Папам Левам Вялікі, у гадавіну асвячэння першай заходняй базылікі, прысвечанай яму ў прыгарадзе Рыма, на віа Саларыя, і пачаткова адзначалася 30 верасня. Папа Геласій I у 493 г. перанёс свята на 29 верасня. Да XVІІI ст. яно было адной з найвялікшых гадавых урачыстасцяў. Яе англійская назва - Michaelmas, мае тую ж структуру, што і  Christmas - Божае Нараджэнне, што сведчыць пра яе колішнюю важнасць. А  паніжэнне дня Св. Міхала ў статусе можна аднесці на рахунак большага скептыцызма і рацыяналізма, аслаблення народнага хрысціянскага пачуцця, у тым ліку культа анёлаў, у эпоху Асветніцтва, у якую быў легалізаваны атэізм - на тыя часы, яшчэ "асвечаны".

 Найбольш славуты санктуарый Св. Міхала знаходзіцца ў італьянскай правінцыі Апулія, на высокай гары на Гарганскім паўвостраве, які часам называюць «шпорай» італьянскага «бота». Яна лічыцца г.зв. «Нябеснай Базылікай», заснаванай самім арханёлам. З 490 г. на гэтай гары шмат разоў на працягу 2 стагоддзяў ён аб'яўляўся розным людзям, і гэта заўжды суправаджалася цудоўнымі выздараўленнямі і вернымі прароцтвамі. Пабудаваная ў гэтым месцы святыня Monte Sant’Angelo («гара святога Анёла») стала з цягам часу месцам масавага пакланення святому Міхалу, вядомым па ўсім каталіцкім свеце. Цікава, што ўсе 7 найбольш славутых месцаў яго культу, нанесеныя на сучасную карту, знаходзяцца на адной прамой лініі, якую называюць «меч Святога Міхала». Яна пачынаецца ў Ірландыі, праходзіць праз Корнуол, Францыю (славутую Мон-сен-Мішэль), італьянскія Пьемонт і Апулію, грэцкі востраў Сімі і сканчаецца ў Сірыі. Лічыцца, што гэта след ад удару мяча, якім Св. Міхал адправіў (і мусіць адправіць ізноў) шатана ў пекла. Нават з улікам таго, што прамой гэтая лінія выглядае ў пэўнай картаграфічнай праекцыі, такое размяшчэнне святыняў выглядае сапраўды як цуд. 

 

Копія цудадзейнай фігуры Св. Міхала з Гаргана, з ініцыятывы а. Ігара Лашука, ў 2019-2020 гг. пілігрымавала па ўсёй Беларусі, перад тым як заняць сваё месца ў адбудаваным ім касцёле Св. Міхала ў Багданаве, на радзіме вялікага мастака Фердынанда Рушчыца. І гэта было вельмі маштабнай і сімвалічна значнай падзеяй у жыцці нашага Касцёла.

Св. Міхал – адзін з нябесных патронаў Германіі і Аўстрыі, Англіі, Іспаніі, Венгрыі, дзясяткаў, а можа і сотняў гародоў свету. А яшчэ – жаўнераў, паліцыянтаў, метролагаў, і некаторых іншых прафесій, і, між іншым – добрай смерціі.

У Каталіцкай традыцыі ВКЛ Св. Міхал з даўніх часоў лічыўся патронам Русі – шырока зразумелай, але перадусім, Русі падуладнай Вялікаму княству Літоўскаму (і пазней, Русі ў межах усёй Рэчы Паспалітай). На пачатку XVI ст. гэтую Русь пачалі называць "Белай", ахопліваючы гэтай назвай і сучасную Усходнюю Беларусь (нярэдка і Цэнтральную) і значную частку Украіны з Кіевам. (Пры гэтым старакаталіцкі рэгіён Панямоння, населены балтамоўнымі літоўцамі або іх славянізаванымі нашчадкамі, Руссю да канца ХІХ ст. не лічыўся, і адназначна адносіўся да Літвы).

Невыпадкова Святы Міхал выяўлены на гербе і Кіева (як гістарычнай сталіцы ўсёй Русі), і Навагрудка (як сядзібы праваслаўнага, а потым уніяцкага мітрапаліта ВКЛ, сталіцы першага з рускіх ваяводстваў ВКЛ, і ўвогуле – сімвалічнага цэнтра русінскай ідэнтычнасці ў ВКЛ – сёння мы сказалі б «беларускай»). Таму на пячатцы Нацыянальнага ўраду ў паўстанні 1863-64 гг., як і на цэшках, спражках і г.д.,  змяшчалася паўстанцкая эмблема з Арлом, Пагоняй і Св. Міхалам – як герб гістарычнай Русі. Сучасная правінцыя Каталіцкага касцёла на Беларусі атрымала сабе патронам менавіта Св. Міхала, як працяг гэтай даўняй традыцыі.

(Святы Міхал як патрон Русі - трэцяга суб'екта Рэчы Паспалітай, унізе паўстанцкай эмблемы)

Але цікава, што касцёлы, асвечаныя ў гонар Св. Міхала, у сучаснай Беларусі знаходзяцца (або знаходзіліся) пераважна ў гістарычнай Літве: Смаргонь, Ашмяны, Белагруда, Міхалішкі (Астравецкі раён), Івенец і Багданава (Валожынскі раён), Няцеча (Лідскі раён), Скрундзі (Дзятлаўскі раён), Варапаева (Пастаўскі раён). Яшчэ некалькі такіх касцёлаў – у былым руска-літоўскім памежжы, але ў межах пачатковага арэалу Віленскай арцыдыяцэзіі, якая ў палітычнай традыцыі ВКЛ таксама больш звязвалася з Літвой: Навагрудак, Нясвіж, Лужкі, Гнезна (Ваўкавыскі раён), Луконіца (Зэльвенскі раён), Поразава. Уласна на Русі, дзе да пачатку XVII ст. касцёлаў амаль не будавалася, і яны пачалі ўзнікаць толькі пасля пачатку рашучага распаўсюду каталіцызма на Усход з ініцыятывы карала Жыгімонта III Вазы, толькі некалькі касцёлаў было высвечана пад такім тытулам. У прыватнасці, у Мазыры, Мсціславе, Цімкавічах (Капыльскі раён), Вялікім Сяле (Пружанскі раён).

Хаця здавалася б, на Русі, цалкам прысвечанай Св. Міхалу, іх мусіла б быць найболей! Але магчыма, логіка ў гэтым была зусім іншай. Паколькі тут ужо існавала вельмі шмат праваслаўных цэркваў з такім жа тытулам, некаторыя з іх вельмі старыя і славутыя, большасць якіх на працягу XVII ст. перайшлі ў унію, дык асвячэння рымска-каталіцкіх касцёлаў у гонар Св. Міхала на гістарычнай Русі якраз пазбягалі.  Шануючы даўнюю ўсходнюю традыцыю і не жадаючы ствараць ёй непатрэбнай канкурэнцыі. У Мінску (хутчэй «літоўскім» чым «рускім» горадзе) таксама да 1833 г. існаваў касцёл Святога Міхаіла Арханёла, пры кляштары бенедыктынаў, на рагу Койданаўскай (Рэвалюцыйнай) і Феліцыянаўскай (Камсамольскай) вуліц. Але разам з кляштарам ён стаў ахвярай царскіх рэпрэсій па паўстанні 1830-31 гг.

А ўсяго на абшарах былой Рэчы Паспалітай было больш за 300 касцёлаў Св. Міхала. Вельмі кранальная традыцыя шанавання Св. Міхала існуе ў ваколіцах Нясвіжа, на Міхальскай гары, на якой да 1773 г. стаяў езуіцкі кляштар з касцёлам Св. Міхала. Пасля скасавання ордэну езуітаў святыня была зачыненая, і з цягам часу зніклі і яе руіны, але мясцовыя католікі дагэтуль шануюць яе і моляцца тут арханёлу як нябеснаму заступніку, пры самых важных нагодах. Год таму, напрыклад, тут адбылася святая Імша за нашу Айчыну і аб хутчэйшым вяртанні Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Радзіму. А некалі ў Нясвіжы адбываўся і даволі маштабны кірмаш, прымеркаваны да Св. Міхала. Як і ў Высокім, ажно чатырохтыднёвы, які асабліва славіўся гандлем коньмі.

Важная веха ў гадавым календары, Дзень Святога Міхала ў даўнія часы быў часам сканчэння севу азімых, і, такім чынам, земляробчага сезону ўвогуле, афіцыйным пачаткам восені – якая працягвалася да дня Св. Марціна (11 лістапада). Прыкладна з гэтага часу, пасля раўнадзенства, ўжо робіцца адчувальным скарачэнне астранамічнага дня і падаўжэнне ночы. Гэтай традыцыі доўга прытрымліваліся па ўсёй поўначы Еўропы, ад Брытанскіх астравоў да Беларусі. Сеяць пасля Св. Міхала лічылася ўжо даволі нядбайным. Таму ў гэты дзень сканчаліся (і, адпаведна, пачыналіся) многія гадавыя кантракты ў наёмных работнікаў. Па надвор'і ў гэты дзень меркавалі пра будучыя ўраджай і надвор'е, уважліва расчытваючы шматлікія прыкметы. У польскай мове склалася каля паўсотні прыказак і прымавак пра гэты дзень, пераважна з метэаралагічна-гаспадарчым зместам. Многія з іх увайшлі, у нязмененым польскім выглядзе, або адаптаваныя, і ў беларускія (або «простыя») гутаркі католікаў-літвінаў Панямоння.

Біскуп пінскі Антоні Дзям’янка ў гаміліі на ўрачыстасць св. Міхала Арханёла ў Мазыры, 29 верасня 2012 г. прывёў некалькі з іх, мабыць, пачутыя яшчэ ў дзяцінстве: «Святы Міхал усё з палёў паспіхаў і ўсе куты запіхаў», «Калі ноч ясная на Міхала, то будзе зіма трывалая»; «Птушкі да Міхала — дзесьці зіма застала(ся)», «Збытак на Міхала жалудоў — на Божае Нараджэнне намяце шмат снягоў». Ці вось яшчэ адна: «Па Св. Міхале можна пасвіць на кожным вале» - бо сапраўды ў гэты дзень быдла запускалі на пашу, дзе раней расло збожжа і іншыя культуры. Паглядзець болей такіх прыказак па-польску можна тут.

У Заходняй Еўропе, у прыватнасці ў Англіі, ў познім сераднявеччы з дня Св. Міхала пачынаўся навучальны год ва ўніверсітэтах, і ў яго гонар называўся ў іх першы семестр – як дагэтуль і захоўваецца ў Оксфардзе, Кембрыджы і іншых старых вышэйшых вучэльнях. А універсітэт у Падуі, у якім доктарскую ступень па медыцыне атрымаў Францыск Скарына, быў асвечаны і распачаў сваю дзейнасць акурат на Св. Міхала ў далёкім 1222 г.

Міхал Арханёл на гістарычным гербе Навагрудка

З гербам Навагрудка і Навагрудскага ваяводства («Чорным Анёлам») даўней было звязана шмат павер'яў і асацыяцый, не ўсе з якіх дайшлі да нашых часоў, бо мы ў значнай ступені страцілі сувязь з тым шматвекавым сімвалічным светам. Ён быў чымсьці накшталт мясцовага ўвасаблення арханёла, падобным чынам як жывуць сваім сімвалічным жыццём розныя мясцовыя вобразы Маці Божай. Лічылася, напрыклад, что назва гэтак званай «Чорнай Русі» (паўднёвага Панямоння, часам уключаючы таксама і Мінскае ваяводства) паходзіць менавіта ад Чорнага Анёла.

А ў ХІХ ст., у адным своеасаблівым панегірыку крупніку, сцвярджалася, што ў ідэале гэты наш славуты мядовы лікёр мусіць быць «цёмным, як анёл Навагрудскі». Яшчэ адзін гістарычны горад ВКЛ, на гербе якога – выява Міхала Арханёла – гэта Белая-Падляска (даўней у Берасцейскім павеце ВКЛ, цяпер у Польшчы), адна з важных рэзідэнцый Радзівілаў. У нашай традыцыйнай народнай медыцыне самай важнай лекавай раслінай (прыкладна як у канцы ХХ ст. жэньшэнь) лічыўся дзягіль (Angelica archangelica), міфалогія якога была шчыльна звязаная з вобразам арханёла Міхала. Гэтай зёлкай (дакладней, яе коранем) асабліва лячыліся пад час вялікіх эпідэмій, такіх як эпідэмія халеры канца 1840-х, калі іншай абароны ад злой раптоўнай смерці народная свядомасць не бачыла.

Last modified onАўторак, 28 Верасень 2021 14:30
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць