Асвячэнне мазаікі абраза Маці Божай Будслаўскай адбылося ў Назарэце - ФОТА
- Written by katolik-gomel.by
- Published in Царква
- Add new comment
У канцы літургіі адбылося асвячэнне табліцы з абразом і быў прачытаны Акт прысвячэння Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі.
27 чэрвеня беларускія пілігрымы накіраваліся ў горад Назарэт, які знаходзіцца за 190 км ад Ерузалема, каб споўніць галоўную мэту пілігрымкі, якой з’яўляецца асвячэнне мазаікі цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай.
Урачыстасці распачаліся святой Імшой у Базыліцы Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі, у якіх прынялі ўдзел усе 300 пілігрымаў.
Перад Імшой мазаіка была ўнесена ў Базыліку і змешчана ў бакавым алтары.
Малітвы і спевы на беларускай мове, якім задаваў тон змешаны хор спевакоў з Мінскага касцёла Св. Сымона і св. Алены, а таксама з Магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава, апанавалі Базыліку, якая за час свайго існавання бачыла многае, але такую моцную прысутнасць Беларусі адчула ўпершыню.
Святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскi арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Разам з ім Эўхарыстыю цэлебравалі дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і святары з Беларусі.
У гаміліі арцыбіскуп адзначыў: «Божы Провід прывёў нас, беларускіх пілігрымаў, у Назарэт, у месца, дзе 2000 гадоў таму здзейснілася таямніца Звеставання Пана. Са Старога Запавету мы ведаем, што людзі пагардліва ставіліся да Назарэта. Яны нават казалі: “Што добрага можа быць з Назарэта?” Аднак гісторыя паказала, што апошні можа стаць першым. Менавіта ў малым і забытым усімі Назарэце Бог праз арханёла Габрыэля аб’явіў Марыі сваю волю. Марыя яе прыняла, і пад Яе сэрцам пачало біцца сэрца будучага Збаўцы свету».
Таксама іерарх дадаў: «Мы ўшаноўваем месцы, дзе нарадзіліся, жылі, вучыліся ці працавалі вядомыя людзі. Сёння Божы Провід прывёў нас у месца, дзе, дзякуючы згодзе Марыі з Божай воляй, распачалася новая эра — эра збаўлення».
Напрыканцы Імшы была асвячана мазаічная выява Будслаўскага абраза, каля якога быў прачытаны Акт прысвячэння Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі.
Пазней мазаіка будзе ўсталявана ў падворку Назарэтанскай Базылікі з левага боку ад цэнтральнага ўваходу. Кіраўнік турыстычнай фірмы, якая арганізавала пілігрымку і выкананне мазаікі цудоўнага абраза Маці Божай Будслаўскай, спадар Джордж выказаў сваю радасць з нагоды асвячэння, а таксама выказаў надзею, што пакаленні беларусаў будуць прыбываць сюды, каб маліцца ў гэтым святым месцы. Месца ж будзе прадстаўляць Будслаўская Мадонна.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў усім прысутным, пры гэтым ён падкрэсліў, што «з сённяшняга дня ў святым горадзе Назарэце знаходзіцца беларускі знак, які будзе абвяшчаць аб нашай краіне і Каталіцкім Касцёле ў ёй».
Гэта ўжо другі такі знак на Святой Зямлі. Першы быў усталяваны ў 2011 годзе ў касцёле «Ойча наш» у Ерузалеме. Пасля цырымоніі асвячэння прысутныя праспявалі гімн «Магутны Божа».
Пазней пілігрымы наведалі дом святога Юзафа, дзе жыла Святая Сям’я, калодзеж Марыі, куды яна хадзіла па ваду і нацыянальны парк Ізраэля — Сепфорыс, які знаходзіцца за 6 км ад Назарэту.
Related items
- «Бог даў нам адсутнасць паветранай трывогі». Пра Дзень дзіцяці ў Жытоміры распавёў біскуп
- Такі падарунак – толькі ад байкераў. Мотасезон яны адкрылі ў касцёле
- Загадкі Каралевы Беларусі: уратавала ад маскоўскай акупацыі, знікла і зноў аб'явілася
- Не святар: разабралі памылковую інфармацыю пра затрыманне верніка ў Омску
- Сезон пешых пілігрымак у Беларусі адкрыюць католікі ў Пінску