BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

«Першы званок быў з моргу». Каталіцкая верніца - пра смерць мужа ад каронавірусу

Святлана таксама трапіла ў шпіталь з пнеўманіяй і не змагла быць на пахаванні мужа

Каронавірус адабраў мужа ў каталіцкай верніцы з Віцебску Святланы Вайсковіч. Ігар адыйшоў у вечнасць, лежачы пад апаратам штучнага дыхання. Святлана ў той час была ў іншым шпіталі - таксама з пнеўманіяй. У пятніцу прайшло пахаванне мужа, распавяла Katolik.life Святлана, аднак яна не змагла прысутнічаць - дагэтуль знаходзіцца ў шпіталі.

- Як усё пачыналася... Спачатку ў Ігара была дыярэя, тэмпература. Елі мы ўсе аднолькава, але ў нас з сынам - нічога. Праз некалькі дзён усё нармалізавалася. Ігар хадзіў на працу. Аднак пачаўся невялікі кашаль, тэмпература таксама скакала. Пазней захварэла я. Проста прыйшла з працы і пачалося... А да Ігара выклікалі доктара, тая сказала піць ангрымакс. Прайшло пару дзён я зноў выклікала доктара, не пусціла яго на працу. Папрасіла накіраванне на здымкі. Гэта быў панядзелак, 6 красавіка. У яго паказала пнеўманію, у мяне - не.

Святлана пераканала Ігара паехаць на шпіталізацыю:

- Ён не хацеў класціся ў шпіталь. Казаў, што не вернецца адтуль. Хто б мог падумаць... Мы селі ў машыну і паехалі. Яна так і стаіць там на стаянцы. Я дрэнна сябе адчувала і, правадзіўшы яго да ўваходу, пайшла на тралейбус. У чацвер я выклікала зноў лекара, папрасіла накіраванне на здымак. Аднак не было сілаў ісці, вырашыла, што пайду ў пятніцу. Зрабіла - пнеўманія, паехала ў шпіталь.

Тым часам Ігара перавялі ў інтэнсіўную тэрапію - яму не хапала паветра, каб дыхаць. Затым - у рэанімацыю:

- Падключылі да апарата штучнага дыхання. У гадзіну ночы Ігара не стала. Раніцай я чакала званка свайго брата, які працуе ў тым шпіталі, а ён выказаў спачуванні. Са шпіталю мне так ніхто і не тэлефанаваў. Першы званок быў з моргу. Гэта рэаліі. Чалавек памёр у 1.00, а ў 10.00 раніцы ты нічога яшчэ не ведаеш...

Ігар і Святлана шмат чаго перажылі разам:

- Ён выцягнуў мяне з анкалогіі. Да мяне туды ён хадзіў, як на працу, раніцай і ўвечары. Мы амаль заўсёды былі разам. Са мной ён прыйшоў да Бога, пасля маёй хваробы. Ігар вельмі любіў касцёльныя фэсты. Мы ездзілі ў Будслаў, Браслаў, Шуміліна. Памятаю, як ён ганарыўся, калі нёс на Божае Цела харугву...

Святлана ўзгадвае, што пасля чарговага медагляду ў анкалогіі ў яе быў выяўлены рэцэдыў:

- Зноў пачалася хімія. А перад гэтай праверкай мне прысніўся сон, у якім я бачыла святую Ефрасінню, і яна сказала, што дапаможа мне. Пасля аднаго курса хіміятэрапіі мяне адправілі на праверку. Каб хто-небудзь бачыў вочы доктаркі, яна была ў шоку і сказала: «Потрясающий результат! Это невозможно!» З той пары я ведаю, што ў Бога няма нічога немагчымага...

Цяпер Святлана ляжыць з пнеўманіяй у шпіталі:

- Тут - мясарубка. У чарзе, каб уладкавацца ў шпіталь, сядзяць не менш за 50 чалавек. Сядзяць хворыя і здаровыя, усе разам, з маскамі і без, з пальчаткамі і без. Хто не хварэў, той захварэе, адназначна. Мяне паклалі, а аналіз на каронавірус бралі толькі на наступны дзень. Прайшоў тыдзень, тэст - не гатовы. Гэта нашы рэаліі...

Святлана адзначае, што санітаркам і медыцынскім сёстрам не хапае экіпіроўкі:

- Яны надзяваюць памперсы, наверх адзенне, а яшчэ наверх, як я кажу, парнік. У такім адзенні цяжка нават проста хадзіць, не тое што працаваць. Часам мы чакаем доўга, бо няма сістэмаў, каб паставіць кропельніцы, бывае яны выкарыстоўваюць сістэмы двойчы, проста пакідаюць іх на тумбачках. Гэта рэаліі.

Святлана, нягледзячы на цяжкі стан, падзялілася сваёй гісторыяй, каб іншыя бераглі блізкіх і кожную хвіліну, якую праводзяць разам:

- І каб усе зразумелі, што гэтая зараза ёсць у Беларусі, што ўсё сур'ёзна... Мне ж толькі застаецца прыняць волю Усемагутнага.

Last modified onПятніца, 17 Красавік 2020 16:12
Каментары   
+1 #2 Елена 2020-04-20 13:25
Светлана, обещаю молитву за вас в поддержку в это трудное время в вашей жизни, а также молитву за вашего мужа, это был хороший человек и уверена, что теперь у вас есть свой святой, который уже с Неба молится за вас.
Цытаваць | Паведаміць мадэратару
+2 #1 Мікалай 2020-04-17 21:48
Святлана, дзякуй вам за мужнасць, за сведчанне, за веру... Проста дзякуй вам!
Цытаваць | Паведаміць мадэратару
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць