У закрытым рэжыме: пробашчу касцёла ў Віцебску прысудзілі арышт
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
Напярэдадні біскуп Юрый Касабуцкі назваў яго Святаром з вялікай літары і заклікаў да малітвы
Каталіцкага святара, пробашча парафіі Святога Духа, ксяндза Андрэя Вашчука SDS з кангрэгацыі сальватарыянаў 18 ліпеня асудзілі на адміністрацыйны арышт. Ксяндза абвінавацілі ў «парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў». У якім канкрэтна дзеянні святара ўлады ўгледзелі «незаконнае пікетаванне», невядома – суд праходзіў у закрытым рэжыме, на працэс нікога не прапусцілі, паведамілі Katolik.life парафіяне. Яны нават не змаглі даведацца, дзе і калі судзілі пробашча. Абставіны справы суд забараніў разгалошваць. На якой падставе гэта зроблена, і чаму працэс быў закрытым, не патлумачылі.
Напярэдадні Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі заахвоціў святароў да цэлебрацыі святой Імшы ў інтэнцыі ксяндза Андрэя Вашчука і папрасіў усіх вернікаў аб малітве за яго:
- Гэта Святар (я свядома пішу гэта слова з вялікай літары ў дачыненні да айца Андрэя) паводле Божага Провіду і высакародны Чалавек. Айцец Андрэй цалкам адданы Богу, Касцёлу і людзям. Служыць усім, аддаючы сябе без рэшты. Мы молімся за ўсіх, каму патрэбна Божая дапамога падчас выпрабаванняў, асабліва ў часе пераследу і рэпрэсій.
Нагадаем, святара затрымалі 15 ліпеня. Нагодай, паводле вернікаў, магло стаць тое, што напярэдадні святар у парафіяльным чаце апублікаваў апошняе слова Змітра Дашкевіча. Іншая версія – «пікетаваннем» маглі палічыць фотаздымак у асабістай старонцы святара ў сацсетцы.
Змітра Дашкевіча і ягоную жонку Насту - шматдзетных сужэнцаў з Мінска, вернікаў-пратэстантаў - судзілі за ўдзел у мірнай дэманстрацыі ў 2020 годзе. 14 ліпеня 2022 года Змітра асудзілі да 1,5 гадоў пазбаўлення волі, а Насту - да трох гадоў «хатняй хіміі». Месяц таму ў сужэнцаў нарадзілася чацвертае дзіця.
Ксендз Андрэй стаў трэцім каталіцкім святаром у Віцебскай дыяцэзіі, каго сёлета затрымлівала міліцыя па адміністрацыйных артыкулах за дзеянні ў інтэрнэце. Таксама ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі судзілі двух святароў.
Media
Related items
-
У Курапатах заўважылі новыя факты вандалізму
-
У Беларусі адмовяцца ад святкавання Хэлоўіна і Дня святога Валянціна
-
Ватыкан наведала жонка беларускага Нобелеўскага лаўрэата, які знаходзіцца ў зняволенні
-
Ля алтара – фотаальбом: незвычайная Імша за памерлага прайшла ў Мінску
-
Дата святочная або сумная? 17 верасня: міфы і факты